Як паўстаў Вольны хор
Вольны хор пачаўся з акцый, якія ладзілі музыкі Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў жніўні 2020 года. Амаль адразу да іх далучыліся ўдзельнікі іншых мінскіх калектываў: дырыжоры, вакалісты, артысты хору, інструменталісты, рэгенты, барды, народныя музыкі і звычайныя людзі, якія хацелі спяваць.
Прафесіяналаў і аматараў аб'яднала адно: жаданне спыніць гвалт і вярнуць справядлівасць.
Дзейнасць хора ў Беларусі
Вольны хор ладзіў флэшмобы ў буйнейшых гандлёвых цэнтрах, прымаў удзел на дваравых канцэртах у розных районах Мінску, стварыў спеўную калону і спяваў на маршах мірнага пратэсту з жніўня па лістапад 2020, падтрымліваў спевамі звольненых актораў-купалаўцаў і супрацоўнікаў Мінскага Трактарнага Заводу, удзельнічаў у акцыях у оперным тэатры, у метро, на чыгуначным вакзале, на "Камароўцы".
За гэты час Вольны хор запісаў два аўдыаальбома "Годныя песні", зладзіў тры анлайн канцэрты, удзельнічаў у розных тэлевізійна-музычных праэктах, запісаў 6 відэакліпаў.
Затрыманні
Дзесяткі ўдзельнікаў калектыву былі затрыманыя, адбывалі турэмны тэрмін ад 10 да 30 содняў ці плацілі велізарныя штрафы за песенныя акцыі, некаторыя па некалькі разоў. На некаторых з удзедьнікаў сталі заводзіць крымінальныя справы, якія паграджалі ім тэрмінамі ад 8 да 20 гадоў.
Эміграцыя
Шмат хто са спевакоў Вольнага хору быў вымушаны з'ехаць з Беларусі праз пераслед і пагрозу арышту. З канца чэрвеня 2021 года хор працягвае сваю дзейнасць у Польшчы, ладзіць шматлікія канцэрты і гастролі, пад час якіх распавядае пра гістарычнае мінулае, жудаснае сучаснае і светлую будучыню Вольнай Беларусі.
Варшаўскі перыяд
Знаходзячыся ад канца чэрвеня ў вымушанай эміграцыі ў Варшаве, Вольны Хор ператварыўся ў больш значную арганізацыю, Fundacja Volny Chor, якая аб’яднала вакол сябе выбітных беларускіх дзеячаў культуры, каб не толькі захаваць беларускую культуры ў эміграцы, але і спрыяць яе развіццю на тэрыторыі Беларусі і распаўсюду па ўсім свеце. Для гэтага Вольны хор працягвае канцэртную дзейнасць, запісвае кліпы і альбомы, уключае ў рэпертуар творы, напісаныя беларускіімі творцамі, рэпрэсаванымі ў розныя гістарычныя часы, развівае адукацыйны напрамак дзейнасці, каб больш беларусаў ведалі пра гістарычна-культурную спадчыну сваёй Радзімы.
Нягледзячы на ўсе складанаcці, рэпрэсіі і ціскі Вольны хор жыве і працягвае спяваць! Вольны хор стаў сымбалем беларускага пратэсту, ён нясе беларускую песню, як сцяг!